Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Sag mir – скажы мне: was ist das? – што гэта ёсць?44Das ist Schublade – гэта ёсць шуфляда. Паглядзі, што ляжыць у шуфлядзе. Es ist Zimmt – гэта цынамон. Для чаго патрабуецца цынамон? Для супу, для дэсерту патрабуецца цынамон. Чым ёсць цынамон? Гэта такі кара з аднаго дрэва. Дзе жыве такі дрэва – цынамон? У Індыі жыве такі дрэва. Глядзі на глобус – тут знаходзяцца Індыі. Дай мне на дзесяць грошаў цынамону… O, du Spitzbub!.. Я дам табе дзесяць разоў дысцыпліна, дык будзеш ведаць, колькі прадаць на дзесяць грошай цынамон…

Гэткім чынам праходзілі мы кожную шуфляду ў краме і гісторыю кожнага тавару. А калі Мінцаль не надта стамляўся, дык ён яшчэ загадваў мне рашаць арыфметычныя задачкі, вучыў бухгалтэрыі або пісаць лісты па справах крамы.

Мінцаль быў надзвычай акуратны, ён не мог трываць пылу, і сам выціраў яго з кожнае дробнае рэчы. Адных толькі дысцыплін ніколі не трэба было выціраць, дзякуючы нашым нядзельным урокам бухгалтэрыі, геаграфіі ды таваразнаўства.

Паступова за некалькі гадоў мы так з ім зжыліся, што стары Мінцаль не мог ужо без мяне абысціся, а я нават ягоныя дысцыпліны стаў лічыць нечым належным да сямейных стасункаў. Памятаю, як я не знаходзіў сабе месца ад роспачы, калі аднойчы сапсаваў дарагі самавар, а стары Мінцаль, замест таго, каб схапіцца за дысцыпліну, прамовіў толькі:

– Што ты зрабіла, Ігнац?.. Што ты зрабіла!..

Лепш бы я атрымаў лупцоўкі ўсімі ягонымі дысцыплінамі, абы не чуць мне таго дрыготкага голасу і не бачыць спалоханага позірку гаспадара.

Абедалі мы звычайна ў краме, спачатку абодва маладыя Мінцлі і Аўгуст Кац, а пазней – я і гаспадар. На святы ўсе мы збіраліся наверсе і сядалі пры адным стале. На кожныя Каляды Мінцаль даваў нам падарункі, а яго маці ў вялікай таямніцы ўпрыгожвала для нас (і для свайго сына) ялінку. Нарэшце ў першы дзень кожнага месяца ўсе мы атрымлівалі заробак (мне належала 10 злотых). З гэтае нагоды кожны з нас – я, Кац, абодва пляменнікі і прыслуга – павінен быў пахваліцца, колькі каму ўдалося зэканоміць. Тое, што нехта не ашчаджае, то бок не адкладае кожны дзень хоць адзін-два грошы, было ў вачах Мінцля гэткім жа злачынствам, як і крадзеж. Я памятаю, як у нашай краме без затрымкі прамільгнула некалькі крамнікаў і некалькі вучняў, якіх гаспадар вытурыў толькі за тое, што яны не ашчаджалі грошай. Дзень, калі гэта высвятлялася, быў апошнім днём іх знаходжання ў краме. Не дапамаглі ані абяцанкі, ані просьбы, ані цалаванне рук з паданнем яму ў ногі. Стары нерухома сядзеў у фатэлі, не слухаў іхныя жальбы, а толькі паказваў пальцам на дзверы і паўтараў адно слова: fort! fort!..45 Прынцып гэты – ашчаджання грошай – ужо зрабіўся ў яго хваравітым дзівацтвам.

У гэтага добрага чалавека была адна загана і вось якая – ён ненавідзеў Напалеона. Сам яго ніколі не згадваў, але варта было яму пачуць прозвішча Банапарта, як ён рабіўся нібы шалёны – твар яго сінеў, ён пляваўся і крычаў: шэльма! szpitzbub! разбойнік!..

Калі я ўпершыню пачуў тую брыдкую лаянку, дык ледзь не самлеў. Хацеў ужо сказаць старому нейкую дзёрзкасць і ўцячы да пана Рачка, які ажаніўся з маёй цёткаю, ды раптам прыкмеціў, як Ян Мінцаль з-пад рукі шэпча штось Кацу і строіць яму міны. Я прыслухаўся і… вось што казаў Ян:

– Вярзе стары, вярзе! Напалеон быў хват, хоць бы таму, што гіцляў швабаў прагнаў. Ці не праўда, Кац?

Аўгуст Кац толькі прымружыў вочы і працягваў кроіць мыла.

Ад здзіўлення я аслупянеў, але з гэтае хвіліны моцна палюбіў Яна Мінцля і Аўгуста Каца. З часам я пераканаўся, што ў нашай малой краме існуюць ажно дзве вялікія групоўкі, з якіх адна, што складалася са старога Мінцля і ягонай маці, вельмі любіла немцаў, а другая – з маладых Мінцляў і Каца – ненавідзела іх. Наколькі памятаю, адзін я заставаўся нейтральны.

У 1846 годзе дайшлі да нас весткі пра тое, што Людовік Напалеон уцёк з вязніцы46. Гэта быў адметны для мяне год, бо я стаў крамнікам, а наш гаспадар, стары Ян Мінцаль, скончыў жыццё пры досыць дзіўных акалічнасцях.

У той год гандаль у нашай краме крыху аслаб, ці то з прычыны агульнага неспакою47, ці таму, што наш гаспадар занадта часта і занадта гучна лаяў Людовіка Напалеона, але людзі пачалі нас абмінаць, і нават нехта (можа, Кац?) аднойчы разбіў нам шыбу.

Але гэты выпадак, замест таго, каб зусім адвярнуць ад нас публіку, наадварот, прывабіў яе ў краму, і цэлы тыдзень абароты ў нас былі вялікія як ніколі, аж нам зайздросцілі суседзі. Праз тыдзень, аднак, штучнае ажыўленне спала, і крама зноў амаль апусцела.

Раз увечары, калі гаспадара не было ў краме, што ўжо само па сабе было фактам незвычайным, уляцеў нам праз шыбу другі камень. Спалоханыя Мінцлі пабеглі наверх шукаць дзядзьку, Кац выскачыў на вуліцу лавіць злачынцу, а потым з’явіліся два паліцыянты, якія цягнулі за сабою… Каго б вы думалі?.. Не каго іншага як нашага гаспадара, з абвінавачваннем, што гэта ён разбіў шыбу зараз, ды, напэўна, і раней…

Дарэмна стары адмаўляўся, бо бачылі, як ён замахваўся, ды і яшчэ адзін камень знайшлі ў яго… Пайшоў небарак у ратушу.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Том 1
Том 1

Первый том четырехтомного собрания сочинений Г. Гессе — это история начала «пути внутрь» своей души одного из величайших писателей XX века.В книгу вошли сказки, легенды, притчи, насыщенные символикой глубинной психологии; повесть о проблемах психологического и философского дуализма «Демиан»; повести, объединенные общим названием «Путь внутрь», и в их числе — «Сиддхартха», притча о смысле жизни, о путях духовного развития.Содержание:Н. Гучинская. Герман Гессе на пути к духовному синтезу (статья)Сказки, легенды, притчи (сборник)Август (рассказ, перевод И. Алексеевой)Поэт (рассказ, перевод Р. Эйвадиса)Странная весть о другой звезде (рассказ, перевод В. Фадеева)Тяжкий путь (рассказ, перевод И. Алексеевой)Череда снов (рассказ, перевод И. Алексеевой)Фальдум (рассказ, перевод Н. Фёдоровой)Ирис (рассказ, перевод С. Ошерова)Роберт Эгион (рассказ, перевод Г. Снежинской)Легенда об индийском царе (рассказ, перевод Р. Эйвадиса)Невеста (рассказ, перевод Г. Снежинской)Лесной человек (рассказ, перевод Г. Снежинской)Демиан (роман, перевод Н. Берновской)Путь внутрьСиддхартха (повесть, перевод Р. Эйвадиса)Душа ребенка (повесть, перевод С. Апта)Клейн и Вагнер (повесть, перевод С. Апта)Последнее лето Клингзора (повесть, перевод С. Апта)Послесловие (статья, перевод Т. Федяевой)

Герман Гессе

Проза / Классическая проза