Часам на тле шэрых дзён, калі яму здавалася, што ўвесь гэты свет палацаў, фантанаў, скульптур, карцін і махін валіцца яму на галаву, здараўся выпадак, які нагадваў, што ён не ілюзія, а сапраўдны чалавек, хворы на рак душы.
Быў ён раз у тэатры “Вар’етэ” на вуліцы Манмартр, паблізу свайго гатэля. Мусілі іграць тры камічныя п’есы, у тым ліку – адну аперэтку. Ён пайшоў туды, каб упіцца блазнаваннем, і амаль адразу, як паднялі заслону, пачуў словы, прамоўленыя плаксівым голасам:
“Каханак усё прабачыць каханцы, апроч іншага каханка…”
– Часам трэба прабачыць трох або нават чатырох!.. – зарагатаў француз, які сядзеў побач.
Вакульскі адчуў недахоп паветра, яму здавалася, што зямля разыходзіцца пад нагамі, а столь валіцца на яго. Ён не мог больш трываць, устаў з крэсла, якое, на няшчасце, знаходзілася дзесьці пасярэдзіне тэатра і, увесь у халодным поце, наступаючы на ногі гледачам, уцёк з прадстаўлення.
Па дарозе да гатэля ён забег у першую ж кавярню на рагу вуліцы. Пра што яго пыталі, што ён адказваў – не памятае. Ведае толькі, што падалі яму каву і графінчык з каньяком, пазначаны рыскамі, якія адпавядалі ёмістасці кілішка.
Вакульскі піў і думаў:
“Старскі – гэта той другі каханак, Ахоцкі – трэці… А Росі?.. Росі, якому я арганізаваў апладысменты і насіў у тэатр прэзенты… Кім ён быў?.. Дурны ты, чалавеча! Гэта ж Месаліна210
, калі не целам, дык душою… І я мушу шалець за ёю?.. Я!..”Ён адчуваў, як абурэнне супакойвае яго, а калі ўжо трэба было разлічвацца, пераканаўся… графінчык пусты…
“Аднак гэты каньяк супакойвае…” – падумаў ён.
З таго часу, варта было яму прыгадаць Варшаву або сустрэць кабету, якая мела нешта асаблівае ў рухах, ва ўборы або ў твары, ён заходзіў у кавярню і выпіваў графінчык каньяку. Тады ўжо смела прыгадваў сабе панну Ізабэлу і дзівіўся, што такі чалавек, яе ён, мог кахаць такую кабету, як яна.
“Зрэшты, я заслугоўваю, хіба, каб быць першым і апошнім…” – думаў ён.
Графінчык каньяку спаражняўся, а ён клаў галаву на рукі і драмаў, што надта цешыла гарсонаў і гасцей.
І зноў цэлымі днямі аглядаў ён выставы, музеі, артэзіянскія студні, школы і тэатры не з мэтаю нешта даведацца, а каб заглушыць успаміны.
Паволі, на тле глухой і неакрэсленай тугі, пачало ў яго нараджацца пытанне: ці існуе нейкі парадак у забудове Парыжа. Ці ёсць прадмет, з якім яго можна параўнаць, і ці можна дайсці тут да ладу?
Парыж з боку Пантэона і Тракадэра бачыўся аднастайна: мора дамоў, падзеленых сотнямі вуліц. Няроўныя лініі дахаў былі падобныя да хваль, коміны – да трэсак, а вежы і калоны – да вялікіх хваль.
“Хаос! – казаў сабе Вакульскі. – Зрэшты, не можа быць іначай там, дзе канцэнтруецца мільён высілкаў. Вялікі горад, як воблака пылу, мае выпадковыя контуры і не можа мець логікі. Каб яна была, гэты факт не прамінулі б аўтары даведнікаў, бо навошта ж яны?”
І ён разглядаў план горада, пасмейваючыся з уласных намаганняў.
“Толькі адзін чалавек, у дадатак – геніяльны чалавек, можа выпрацаваць нейкі стыль і нейкі план, – думаў ён. – Але каб мільёны людзей, працуючы некалькі стагоддзяў і не ведаючы адзін пра аднаго, стварылі нейкую лагічную цэласнасць, – гэта абсалютна немагчыма”.
Аднак паволі, да свайго вялікага здзіўлення, ён заўважыў: той Парыж, будаваны некалькі стагоддзяў мільёнамі людзей, якія не ведалі адзін пра аднаго і не мелі ў галовах ніякага плану, усё ж мае гэты план, мае цэласнасць – і нават вельмі лагічную.
Спачатку ён адзначыў, што Парыж падобны да вялізнае місы – дзевяць вёрстаў шырыні з поўначы на поўдзень і адзінаццаць вёрстаў даўжыні з усходу на захад. Міса тая з паўднёвага боку трэснутая – падзеленая Сенай, якая перацінае яе ў выглядзе аркі, перакінутай з кутка паўднёва-ўсходняга праз цэнтр горада да кутка паўднёва-заходняга. Васьмігадовае дзіця магло б намаляваць гэтакі план.
“Ну добра, – думаў Вакульскі, – але дзе ж тут нейкі лад у размяшчэнні асобных будынкаў… Нотр-Дам – з аднаго боку, Тракадэра – з другога, а Луўр, а біржа, а Сарбона!.. Хаос дый годзе…”
Але варта было яму пільней прыгледзецца да плана Парыжа, як ён заўважыў тое, чаго не ўбачылі ні самі парыжане (што менш дзіўна), ні нават К. Бэдэкер211
, які прэтэндаваў, каб па ім арыентавалася ўся Еўропа.Парыж, нягледзячы на ўяўны хаос, мае план, мае логіку, хоць і будавалі яго мільёны людзей некалькі стагоддзяў, не ведаючы адзін пра аднаго і не дбаючы пра логіку ды стыль.
Парыж мае тое, што можна назваць хрыбтом, стрыжнем, вакол якога крышталізуецца горад.
Венсенскі лес ляжыць у паўднёва-ўсходняй частцы горада, а ўзлесак Булонскага пачынаецца ў паўночна-заходняй частцы Парыжа. Той стрыжань, вакол якога крышталізуецца горад, падобны да вялізнага вусеня (што мае, праўда, шэсць вёрст даўжыні), які знудзіўся ў Венсенскім лесе і папоўз на шпацыр у лес Булонскі.
Хвост яго абапіраецца на пляц Бастыліі, галава – на Арку Зоркі, тулава амаль прылягае да Сены. Шыя – гэта Елісейскія Палі, гарсэт – Цюільры ды Луўр, хвост – Ратуша, Нотр-Дам і, нарэшце, Ліпеньская калона на пляцы Бастыліі.